Гісторыя развіцця народнай адукацыі ў мікрараёне
ДУА "Ванелевіцкая средняя школа"
Развіццё адукацыі ў вёсцы Ванелевічы пачынаецца ў 19 стагоддзі. Першыя былі школы пахатнія па тыдню ў кожнай сялянскай хаце. Аднак надакучыла сялянам гэта пахатняе навучанне і вырашылі на сходцы грамады пабудаваць сапраўдную школу. Выбралі месца за ракой, дзе і быў узведзены будынак пачатковай школы.Першым яе загадчыкам стаў Сцяпан Фёдаравіч Макарчук, які закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Пазней школу ўзначаліваў Мельнік Іван Іванавіч.
У пачатку 30-х гадоў пачалося будаўніцтва сямігодкі, якая шырока расчыніла свае дзверы ў 1935 годзе. Гэта школа знаходзілася на ўзгорку і была відна здалёк. Першы дырэктар сямігодкі – Дзям’янцаў Ануфрый Сяргеевіч, завуч – Захарык Н.Г. Апошнім дырэктарам перад вайною быў Іван Фёдаравіч Кулеш. У 1942 годзе будынак быў спалены партызанамі, якія не жадалі, каб памяшканне выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах фашысты.
Пасля вайны спецыяльнага памяшкання для школы не было. Пачатковыя класы размяшчаліся ў чатырох сялянскіх хатах: Салагуба Піліпа, Лебядзевіч Алены Нікіфараўны, Залужнай Соф’і і Асмольскай Ніны.
Крыху пазней усе пачатковыя класы размясціліся ў адным будынку – кулацкай хаце. Загадчыкам гэтай школы стаў Нос Вячаслаў Іосіфавіч, які к гэтаму часу вярнуўся з партызан.
Старэйшыя дзеці працягвалі сваю вучобу ў суседняй вёсцы Васільчыцы, дзе ўцалела старэнькая пачатковая школа. Там у Васільчыцах быў яшчэ будынак сямігодкі, які наведвалі вучні з навакольных вёсак, у тым ліку з Ванелевіч. Першым дырэктарам быў Фурык, родам з суседняй вёскі Вераб’евічы. Да апошніх дзён існавання Васільчыцкай сямігодкі дырэктарам працаваў Жогла Кузьма Ерамеевіч, а завучам – Нос Вячаслаў Іосіфавіч.
У 1961 годзе ў в.Ванелевічы было пабудавана добрае цаглянае памяшканне ў выглядзе літары “П”. Па загаду Капыльскага РАНА ў 1961 годзе школа прыняла вучняў 1 верасня.Напачатку гэта была васьмігодка, а ў Васільчыцах у будынку былой сямігодкі размясцілася пачатковая школа. Увогуле, пачатковыя школы існавалі ва ўсіх вёсках вакол Ванелевіч: у Саўкова, Перавозе, Калінаве, Васільчыцах. Прайшлі гады. Многія з гэтых населеных пунктаў сталі малалікімі, і пачатковыя школы закрыліся. А ў Васільчыцах пасля пабудавалі новае цаглянае памяшканне, у якім навучаліся дзеці ў пачатковых класах. Апошняй настаўніцай , якая працавала ў Васільчыцкай пачатковай школе, была Салагуб Ганна Міхайлаўна. У 1984 годзе школа спыніла сваё існаванне. З гэтага часу дзеці з Чыжэвіч, Васільчыц вучацца ў Ванелевіцкай СШ з першага класа. Спачатку дырэктарам працаваў той жа Кузьма Ерамеевіч Жогла, пасля яго смерці дырэктарам быў прызначаны Нос Вячаслаў Іосіфавіч.
У 1963 г. васьмігодка была рэарганізавана ў Ванелевіцкую сярэднюю агульнаадукацыйную працоўную школу з вытворчым навучаннем. Праз некаторы час на гэтай пасадзе стаў працаваць Жаваранкаў Уладзімір Лукіч, які жыў у вёсцы Доктаравічы.
Завучам працаваў Нос Вячаслаў Іосіфавіч. Пасля пераводу ў Доктаравіцкую СШ Жаваранкава У.Л. з 1971 года дырэктарам прызначылі дваццацішасцігадовую настаўніцу хіміі і біялогіі Крэпскую (Лебядзевіч) Алену Іванаўну.
Прыкмктны след у жыцці Ванелевіцкай СШ аставілі яе завучы: Болтуць Казімір Вікенцьевіч, а пасля Станкевіч Марыя Антонаўна.
Лебядзевіч Алена Іванаўна была больш як трыццаць гадоў нязменным дырэктарам школы. Яна ўзначальвала калектыў, які за гады яе кіраўніцтва дасягнуў добрых вынікаў як у навучанні падрастаючага пакалення, так і выхаванні.
У 2005 годзе педагагічны калектыў узначаліла Пішчэўская Наталля Дзмітрыеўна, былая выпускніца школы. Намеснікам дырэктара з'яўлялася Ясючэня Валянціна Анатольеўна, якая таксама закончыла Ванелевіцкую сярэднюю школу.
І сёння школа жыве сваім кіпучым жыццём. Кіраўніком яе з'яўляецца Мялешка Сяргей Уладзіміравіч, а намеснікам дырэктара - Дубовік Таццяна Анатольеўна. Вучні ўдзельнічаюць у раённых спаборніцтвах, конкурсах, у алімпіядах. І сёння школа працягвае тыя лепшыя традыцыі, якія былі закладзены настаўнікамі і вучнямі значна раней.
Па матэрыялах краязнаўчага даследвання настаўніцы Ясючэні А.М
Традыцыі школы
Школьнае жыццё кожнага вучня Дзяржаўнай установы адукацыі “Ванелевіцкая сярэдняя школа” пачынаецца з 1 верасня. З кожным годам мацнеюць веды і ўяўленні дзяцей аб сваёй радзіме, аб свеце. Кожны куточак Беларусі багаты сваёй гісторыяй і традыцыямі. Капыльская зямля вядома далёка за межамі краіны, якую праслаўляюць нашы землякі.
Краязнаўчыя даследаванні малой радзімы дазволілі па крупіцах сабраць і захаваць традыцыйныя абрадавыя святы аграгарадка Ванелевічы з даўніны. Сярод іх – святкаванне Каляд, лялячная батлейка і Юр’еўскае свята – фэст вёскі Евангелевічы (былая назва вёскі Ванелевічы).
З вялікім захапленнем і цікавасцю вучні збіралі і сістэматызавалі краязнаўчы матэрыял. Яны сталі і актыўнымі ўдзельнікамі адноўленых аўтэнтычных абрадаў. Такая калектыўная справа, якая аб’ядноўвае ўсіх вучняў школы, застаецца ў сэрдцы на ўсё жыццё. Сёння - гэта ўжо традыцыйныя школьныя святы, як напамін аб мінулым роднай старонкі.
Калядныя святкі, а асабліва Шчадрэц, натхняюць вучняў на сумеснае вясёлае ігрышча. Распрацаваны сцэнарый свята з пажаданнямі гаспадарам хат самага найлепшага, пераапрананне ў традыцыйныя касцюмы калядоўшчыкаў цікавяць дзяцей. У час падрыхтоўкі да 13 студзеня дзеці развучваюць калядныя і хрысціянскія песні, вучаць сцэнарныя словы, жарты. Маршрут руху калядоўшчыкаў складаецца дасканала, бо запрашэнняў ад аднавяскоўцаў шмат. Людзі вельмі добразычліва ставяцца да адноўленага абраду. Гэта свята стала сімвалам дабрабыту і моцы на новы працоўны год.
З мэтай звароту да духоўна - маральных каштоўнасцей беларускага народа з выкарыстаннем біблейскіх паданняў у гульнёвай форме быў абраны лялечны тэатр. Менавіта батлейка стала сімвалам аб’яднання магічнага, абрадавага, рэлігійнага і свецкага тэатра. Батлейка стала цэнтрам роздуму людзей аб будучым кожнага, праз свае ўчынкі. Сумесна з настаўнікамі вучні школы аднавілі беларускую традыцыйную трохпавярховую батлейку. Разам паўтаралі гісторыю Каляднага свята, шылі адзенне для лялек, выраблялі дэкарацыі, распрацоўвалі сцэнарый, вучылі ролі і песні. А як артысты батлейкі працуюць? Лялькаводам прыходзіцца доўгі час знаходзіцца ў адной і той жа позе, адначасова працаваць з некалькімі лялькамі, умець "адчуваць" партнёраў, падтрымліваць і шанаваць адзін аднаго. Адпрацоўваюць дзеці выразнасць прамовы, бо агучваць лялек трэба гучна, прыгожа. А галоўнае – яны ствараюць цуд, імя якому - Дабро. Калядная зорка і сёння вядзе кожнага з дзяцей па дарозе пазнання дабрыні. Кожны год Віфліемская зорка дарыць нам сваё цяпло. Агульнашкольны Калядны спектакль доўжынёю ў цэлы год запрашае ўсіх жадаючых. Роля ў кожнага свая.
Традыцыйным стала для вучняў школы правядзення свята - фэста ў дзень Святога Георгія ( Юрья ў народзе) 6 мая.
Актуальнасць правядзення гэтага свята абумоўлена не столькі засваеннем ведаў па гісторыі, геаграфіі і культуры роднага краю, колькі фарміраваннем сучаснага чалавека як грамадзяніна, патрыёта свайго краю. Жыць тут і не ведаць гісторыю месца, месца дзе ты нарадзіўся - гэта проста непавага да людзей, які стваралі ўмовы ў якіх сёння ты жывеш.
Расказы старажылаў дапамаглі сабраць матэрыял, які дазволіў правесці рэканстуцыю абрада пачатку ХХ стагоддзя. 6 мая праваслаўная царква адзначае дзень Святога Георгія Перамаганосца (Пераможца), або - Юр’е, Рыгораў дзень. Вось колькі назваў. А свята адно - усхваленне спраў Святога Георгія. Менавіта ён замяніў славянскаму народу сімвал язычніцва - Ярылу. Святы Георгій перамог цемру (язычніцтва) і дараваў людзям разуменне добрых спраў. Гэта добра тлумачыцца ў Жыціі святога.
У славян цесна перапляліся язычніцкія і хрысціянскія каштоўнасці: барацьба з цемрай і супрацьстаянне спакусам: Змія з дабром, гора з радасцю. Але галоўнае - надзея на выратаванне за добрыя справы даецца такім, як Святы Юрай.
Да 1962 года ў вёсцы Ванелевічы дзейнічала, хоць і пад забаронай тагачаснай улады, царква. Храм меў свайго заступніка- Святога Георгія Перамаганосца. У вёсцы 6 мая з даўніх часоў праводзілася свята сустрэчы родных і блізкіх. З усёй акругі збіраліся госці ў вёску. Накрывалі сталы прысмакамі, танцавалі, пелі і ўшаноўвалі заступніка вёскі – Юрыя.
Адметнасць свята ў тым, што менавіта Юрый абярагае ўсіх пастухоў. На вёсцы менавіта яны адказвалі за скаціну, якая для селяніна была асновай яго жыцця і працы. Таму і шанавалі ў гэты дзень пастухоў як самых ганаровых людзей. Частавали, адорвали грашыма і ежай.
Пры падрыхтоўцы да свята вучні школы развучваюць старадаўнія танцы, хараводы, абрадавыя песні, заклічкі, гульні. Рыхтуюць вучні і традыцыйныя прысмакі па –Евангелевічскі. Так на стале акрамя “булкі”- пірага, масла, сыра і яечні выстаўлялі і кісель. Вучнямі сабраны рэцэпты абрадавых страў, якімі частавалі 6 мая ў вёсцы.
Запрашаем наведаць наша свята 6 мая! Да сустрэчы.
Кепска быць глухому, яшчэ горш - сляпому і зусім дрэнна - бязроднаму. Той, хто не ведае гісторыі сваёй радзімы, з’яўляецца глухім, сляпым і бязродным адначасова, і такога чалавека вельмі шкада, але яму можна дапамагчы.
Фотаматэрыял правядзення традыцыйных свят Вы можаце паглядзець на сайце ўстановы адукацыі ў фотагалярэі. Прыемнага прагляду.